«БЕЛАРУ́СКІ ДЗЕНЬ»,

штотыднёвая грамадска-паліт., сельскагаспадарчая і літ. газета. Выдавалася з 7.3.1927 да 1928 у Вільні на бел. мове т-вам «Пагонь». Яе кірунак вызначаны ў дэкларацыі «Да беларускага сялянства» (1927, № 1), дзе абвяшчалася, што газета будзе абараняць паліт. правы бел. селяніна, нар. культуру і школу, усебакова асвятляць жыццё селяніна-беларуса і ў Польшчы і ў Сав. Беларусі. Фактычна ж пераважала паланафільская арыентацыя, падтрымлівала паліт. платформу Ю.​Пілсудскага. Узнімала пытанні паляпшэння польска-бел. адносін, патрабавала для беларусаў роўных з усімі грамадзянамі правоў, гарантаваных канстытуцыяй. Шмат увагі аддавала праблемам бел. школы. Змяшчала матэрыялы з гісторыі БНР, газеты «Наша доля», пра бел. нар. творчасць; рабіла агляды бел. культ. жыцця, перыёдыкі, кніжных навін; змяшчала творы М.​Багдановіча, А.​Бартуля, М.​Васілька, М.​Краўцова, Ф.​Умястоўскага і інш.

В.​І.​Дзяшко.

т. 2, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)